Урок беларускай мовы ў 5 класе
Тэма: Прамое і пераноснае значэнне слова.
Мэта: Паглыбленне ведаў пра лексічную спалучальнасць слоў, іх ужыванне ў прамым і пераносным значэнні.
Задачы:
1)садзейнічаць фарміраванню ўмення адрозніваць прамое і пераноснае значэнні слоў, умення знаходзіць у тэксце словы з пераносным значэннем і ўжываць іх у мове;
2)спрыяць фарміраванню навыкаў работы з тлумачальным слоўнікам, пашыраць слоўнікавы запас вучняў;
3)ствараць умовы для выхавання беражлівых адносін да прыроды,
Ход урока
1.Арыентацыйна-матывацыйны этап
1) Стварэнне псіхалагічнага настрою
2) Праверка д/з (практыкаванне 96)
2.Аперацыйна-пазнавальны этап.
1) Узнаўленне і паглыбленне паняцця пра прамое і пераноснае значэнне слова: пр. 97. Калектыўна. Чытанне тэарытычнага матэрыялу падручніка.
Работа з тэкстам.
- Мора – гэта калі многа вады. Яно вялікае-вялікае, сіняе-сіняе! – сказала Юля.
- А мы з мамай, калі былі ў бабулі ў вёсцы, бачылі там цэлае мора пшаніцы. І зусім яно не сіняе, а залатое, - запярэчыла Надзя.
- Пачакайце, - уступіла ў размову Аня. – Вось у нас у школе настаўніца кажа: “Дзеці, у нашым класе так прыгожа – вось колькі кветак! Цэлае мора!”
Задумаліся дзяўчынкі: што ж гэта за слова такое – “мора”? калі гэта слова ўжываецца?
- Хто з дзяўчынак гаварыў аб прамым, асноўным значэнні слова “мора”?
- Хто з дзяўчынак гаварыў аб пераносным значэнні? На аснове якога падабенства, пераносу яно ўзнікла?
- Што значыць спалучэнне слоў залатое мора?
Работа з тлумачальным слоўнікам. Знайдзіце тлумачэнне слова залаты ў тлумачальным слоўніку. Звярніце ўвагу як падаюцца ў слоўніку словы ў пераносным значэнні? Колькі значэнняў мае слова залаты?
2) Замацаванне матэрыялу
Работа з загадкамі
Паслухайце і адгадайце загадкі.
Напячэ аладак белых – не замажа, хоць сама і чорная як сажа. (Патэльня). Ходзіць ён у плузе, у хляве жыве і за сілу ў лузе дзякуе траве. (Конь). Ходзіць полем з краю ў край, рэжа чорны каравай. (Трактар).
Ноччу маўчыць, удзень гамоніць, маці другая – дзяцей нвавучае. (Школа).
- Раскажыце, як вы здагадаліся, пра што складзена кожная загадка.
- Для вас школа таксама другая маці? Чаму трэба ганарыцца сваёй школай?
Творчае заданне. Стварыце сваю загадку, ужываючы словы ў пераносным значэнні.
Работа са словазлучэннямі. Са слоў, дадзеных у дужках, выбраць такія, у спалучэнні з якімі прыметнікі атрымаюць пераноснае значэнне.
Бірузовы (брошка, неба, пярсцёнак); залаты (пярсцёнак, рукі, каласы); жамчужны (каралі, зубы, завушніцы); запаліць (свечка, вогнішча, дровы, хлопцы); рассыпаліся (збожжа, манеты, прамяні, зоркі.)
Прывядзіце свае прыклады (чэрствы хлеб – чэрствае сэрца, жалезны характар – жалезны трактар і г.д.)
Размеркавальная работа са словазлучэннямі. Запішыце словазлучэнні, размяркоўваючы ў 2 слупкі: 1) з прамым значэннем; 2) з пераносным значэннем:
Жар сонца – жар пачуццяў, цяжар багажу – цяжар страты, гнуткасць розуму – гнуткасць галінкі, каменны будынак – каменнае сэрца, спелы ўзрост – спелы плод, малоць зерне – малоць глупства, будаваць планы – будаваць мост.
Работа з вершаваным тэкстам. Хвілінка кемлівасці. Састаўце і запішыце разбураны верш. Падкрэсліце словы, ужытыя ў пераносным значэнні.
Полем хадзіла сонейка босае, 1
Промень вясёлы – у кожнай іскрынцы! 4
У кожнай расінцы – па залацінцы, 3
А на траве зіхацелі росы. 2 ( Яніна Дзегуцітэ)
Растлумачце на падставе чаго адбыўся перанос значэння слова.
Пераклад з рускай мовы. Перакладзіце на беларускую мову спалучэнні слоў і словазлучэнні да тэмы “Надвор’е”
Дождь моросит, кататься на санках, играть в снежки, закоченеть на морозе, студеная зима, лютые морозы.
Для даведкі: сцюдзёная зіма, скалець на марозе, дождж імжыць,імгліць, катацца на санках, гуляць у снежкі, лютыя маразы.
Хвілінка адпачынку. Зарадка для вачэй.
Работа з тэкстам. Прачытайце тэкст. Перакажыце яго па ланцужку. Знайдзіце ў ім словы ў пераносным значэнні. Што надаюць такія словы тэксту?
Сонца-працаўнік.
Сонца ўсё вышэй і вышэй ходзіць па небе. Усё цяплей і цяплей сагравае яно зямлю. Плача зіма, льюцца яе каламутныя слёзы. Растае снег не хочацца яму ўступаць месца цяплу і святлу. З гор злазіць ён у лагчынкі, у балота, у лес. Не схаваешся, браце, ад сонца. Усюды яно цябе знойдзе. А сонейка так хораша, так ласкава пазірае на зямлю, як матка на сваёдзіця.
Многа работы залатому сонейку ў раннюю вясну. Доўга трэба ваяваць яму з зімою. І так яно працуе цэлы месяц, пакуль не згоніць з зямлі сляды халоднае зімыю ( Паводле Я. Коласа)
Да якога стылю адносіцца гэты тэкст? Назавіце асноўную думку тэксту. Паспрабуйце перадаць змест тэксту адным сказам.
3.Кантрольна-ацэначны этап.
1.Кантроль ведаў. Выкананне тэста
- Укажыце прамое значэнне слова “удар”:
- Цяжкае ўзрушэнне
- Штуршок
- Укажыце прамое значэнне слова “разбіць”:
- Раскалоць на кавалкі
- Знічшыць
- Укажыце пераноснае значэнне слова “цёплы”:
- Злёгку нагрэты
- Сардэчны, ласкавы
- Якія словазлучэнні ўжыты ў пераносным значэнні?
- Снежны дыван
- Турэцкі дыван
- Воўчы след
- Воўчы апетыт
- Якое словазлучэнне лішняе?
- Шырокая вуліца
- Залаты характар
- Стальны нож
- Кучаравыя валасы
- Ледзяная глыба
- Якое словазлучэнне лішняе (улічваючы значэнне залежнага слова)?
- Глыбокія веды
- Востры язычок
- Салодкі кісель
- Грубая памылка
- Цёмны чалавек
2.Падвядзенне вынікаў. Рэфлексія.
-Скажыце, калі ласка, ці справіліся вы з заданнямі? Што было рабіць лёгка? Цяжка? Цікава? Сфармулюйце вывучаныя азначэнні.
-Дзе мы можам прымяніць атрыманыя веды? Навошта патрэбны пераносныя значэнні слоў? (Пераносныя значэнні – сродкі выразнасці. Яны робяць тэкст жывым, выразным, красамоўным)
3.Выстаўленне і каменціраванне адзнак.
4.Дамашняе заданне: с. 54-55, §15, пр. 108